План – канспект урока па беларускай мове. 5 клас.
Глінская І.У.
Тэма: "Антонімы”.
Мэты :
1. Замацаваць і ўдасканаліць веды па тэме.
2. Вучыць уменню вылучаць словы з груп.
3. Вучыць уменню каменціраваць свой выбар правільна і паслядоўна.
4. Развіваць памяць, творчасць, культуру мовы, уменне ўспрымаць словы на слых.
5. Выхоўваць культуру зносін пры рабоце ў групах, аб’ектыўнасць пры ацэнцы сваёй работы і работы групы.
Абсталяванне :
1. Карткі – домікі.
2. Вуліца "Антонімы”.
3. Магніты.
4. Ватманы: "ІНСЭРТ”, "КЛАСТАР”.
5. Карткі "Падбяры антонім”.
6. Нумары груп (1 – 3).
7. Флажкі (3 жоўтыя, 3 чырвоныя).
8. Сігнальныя карткі (чырвоная і жоўтая – кожнаму).
9. Крыжаванка.
10. Табелі ацэнкі: "Пірог”, "Група ацэньвае сваю работу”, "Кожны ацэньвае сваю работу”.
11. Карткі з заданнямі для работ у групах: "Кластар”, "Падбяры антонім”, "Рэдагаванне тэксту”.
12. Маркеры.
Ход урока.
1.ВЫЗАЎ.
Слова настаўніка
– У пачатку навучальнага года мы пачалі падарожжа па краіне ведаў, якая называецца "Беларуская мова”. За гэты час мы пабывалі ў многіх гарадах гэтай краіны: "Мова. Маўленне. Тэкст.”, "Сінтаксіс і пунктуацыя”, "Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія”. Падарожнічалі па вуліцах гэтых гарадоў, знаёміліся з жыхарамі.
– У які горад мы завіталі ў 4 чвэрці?("Лексіка”)
– На якіх вуліцах пабывалі? ("Лексічнае значэнне слова”. "Мнагазначныя і адназначныя словы”. "Сінонімы”.” Антонімы” і інш.)
– Хто з’яўляецца жыхарамі гэтых вуліц? (Словы)
– На папярэднім уроку мы пазнаёміліся з жыхарамі вуліцы "Антонімы”. Сёння мы працягваем гэтае знаёмства. Адкрыйце сшыткі, запішыце дату, тэму ўрока. Давайце звернемся да ІНСЭРТА (на дошцы).
Што вы ўжо ведаеце па тэме "Антонімы”? (вывучаецца ў раздзеле "Лексіка”, словы з супрацьлеглым значэннем, словы адной часціны мовы)
НОВЫ МАТЭРЫЯЛ.
– Звярніце ўвагу на домікі на нашай вуліцы. Усе яны розныя, маюць розную колькасць паверхаў, пабудаваны па-рознаму, у іх розны колер.
Першы домік № "Часціны мовы”.
Ён шасціпавярховы. На верхнім паверсе жывуць словы дабро і яго антонім зло – гэта назоўнікі. Паверхам ніжэй жывуць словы дрэнны і добры. На якое пытанне адказваюць гэтыя словы? (які?) Да якой часці мовы адносяцца гэтыя словы? (прыметнік). Паверхам ніжэй жывуць дзеясловы, за імі – прыслоўі і прыназоўнікі. Значыць, антонімы – гэта словы адной часціны мовы.
Другі домік № "Сродкі выразнасці”.
Пры дапамозе антонімаў складаюцца прыказкі і прымаўкі, загадкі. Пры іх дапамозе ваша мова становіцца выразнай, цікавай і прыгожай. Напрыклад: зімой беленькі, летам – шэранькі.(заяц) (паказваю і аналізую словы на доміку)
Трэці домік № "Мнагазначныя словы”.
Гэты домік зусім незвычайны. Мнагазначнае слова сухі займае цэлую палову дома, а справа на паверхах жывуць яго антонімы. Калі слова мнагазначнае, то да яго можна падабраць некалькі антонімаў у залежнасці ад лексічнага значэння. (паказваю і аналізую словы на доміку).Значыць, каб падабраць антонім да мнагазначнага слова, трэба браць у разлік яго лексічнае значэнне.
2. АСМЫСЛЕННЕ.
1. – Вазьміце карткі з правілам і прачытайце ўважліва, высветліце, ці ёсць у нас недахопы, або ўсё правільна? Знайдзіце новую інфармацыю. (Лазоўскі – стваральнік "Слоўніка антонімаў”, слова ўтварылася ад грэчаскага, "анці” – значыць супраць, ”онім” – імя).
– Вяртаемся да нашага інсэрта, запаўняем другую частку (ужываюцца ў прыказках, прымаўках, загадках, мнагазначныя словы могуць мець некалькі антонімаў, стваральнік слоўніка – Лазоўскі, утвараюцца ад грэчаскага слова).
2. – На дошцы знаходзяцца карткі (чытаю па першым слове).
– Чым падобныя яны? (ёсць аднолькавае слова "лёгкі”)
– Якое гэта слова? (мнагазначнае)
– Чаму? (мае некалькі лексічных значэнняў)
– З ніжэй прапанаваных слоў выберыце слова, якое будзе з’яўляцца антонімам да пэўнага словазлучэння.
лёгкі партфель лёгкі ветрык лёгкая музыка лёгкі характар
складаны моцны цяжкая сур’ёзны
цяжкі цяжкі моцная моцны
моцны сур’ёзны сур’ёзная складаны
3.Перагрупоўка ў новыя групы.
– На сталах у вас ляжаць сігнальныя карткі, вазьміце іх. На жоўтай картцы напісаны нумар той групы, у якую вам трэба сесьці (перагрупоўка). З сабой вазьміце сшыткі, карткі, ручкі і алоўкі.
а) - Я буду не спяшаючыся, па частках чытаць верш, ваша задача – уважліва слухаць верш і падымаць патрэбную картку: чырвоную, калі будуць антонімы, жоўтую – калі сінонімы.
Ад варот і да варот (чырв.)
Ходзіць малы, невялікі кот (жоўт).
Чорны хвост і белы бок (чырв).
Відаць зблізку і здалёк (чырв.).
Ён самотны, невясёлы, (жоўт.)
Бо сяброў няма са школы
(Дзеці тлумачаць свой выбар, называючы антонімы і сінонімы)
б) - А зараз па памяці аднавіце ў групах гэты верш і запішыце ў сшыткі. (працяг) (дзеці выконваюць работу)
– Падкрэсліце адной рыскай сінонімы і вусна падбярыце да іх антонім. (малы, невялікі – вялікі, самотны, невясёлы – вясёлы)
– Вяртаемся ў групы і працягваем работу.
САМАСТОЙНАЯ РАБОТА.
1.Праца ў групах.
– На сталах у вас ляжаць лісты для самастойнай работы, на кожную групу па два, для зручнейшай работы. Знайдзіце заданне для сваёй групы, яно выдзелена большым шрыфтам і адпавядае нумару кожнай групы, і пачынайце выконваць. Захоўвайце правілы работы ў групе, падумайце, колькі чалавек будуць прэзентаваць работу і хто. Не забывайце выкарыстоўваць флажкі: чырвоны – ёсць пытанне, жоўты – заданне выканана, група гатова абараняць сваю работу.
1 група:
Падбярыце антонімы да кожнага слова са словазлучэння.
Халодная зіма, любоў да сяброў, позна легчы, падняцца высока, цяжка знайсці, доўга працаваць, радасць ад сустрэчы, хутка бегчы, ціха плакаць, свежая раніца, свежы батон.
2 група:
Скласці кластар "Антонімы”.
3 група:
Адрэдагаваць тэкст, замяняючы падкрэсленыя словы антонімамі.
Восень лічыцца сумнай парой. Гаснуць зялёныя фарбы на лугах і палях. Замаўкае лес. Птушкі адлятаюць у вырай. Хмурнее неба. Уся прырода замірае. Ёсць хараство ў асенніх фарбах.
2. Прэзентацыя работ.
-Калі ласка, паслухаем прэзентацыі, а астатнія групы сочаць за правільнасцю па картках з нумарам пэўнай групы (абарона работ)
3.РЭФЛЕКСІЯ.
– Прапаную вам крыжаванку.
1. Словы з супрацьлеглым значэннем (антонімы).
2. Грэчаскае слова, якое мае значэнне "супраць” (анты)
3. Раздзел навукі, які вывучае антонімы (лексіка)
4. Прозвішча аўтара "Слоўніка антонімаў” (Лазоўскі)
5. Іх любяць дарослыя і дзеці, для іх складання часта ўжываюцца антонімы (загадкі)
6. Антонім слова можна (нельга)
7. Словы, якія могуць мець некалькі антонімаў (мнагазначныя)
4.ВЫНІК.
4.ВЫНІК.
– Над якой тэмай мы працавалі?
– Што даведаліся і чаму навучыліся?
– З якой мэтай мы працавалі над тэмай?
1. - Праверым, як засвоілі вы тэму "Антонімы”. Прапаную "АПОШНЯЕ СЛОВА ЗА МНОЙ” ( абагульняючы адказ аднаго з вучняў).
2. Прапаную пры дапамозе сігнальных картак ацаніць урок. Чырвоная картка – урок спадабаўся. Жоўтая картка – ёсць заўвагі.
3. - У кожнай групы ляжаць на сталах лісты ацэнкі. Ацаніце сваю работу.
1 група – пірог.
2 група – кожны ацэньвае сваю работу.
3 група – усе ацэньваюць работу групы.
4. Прапаную вучням , бацькам, якія прысутнічаюць на ўроку, падзяліцца сваімі ўражаннямі ад урока: што спадабалася, заўвагі, калі ёсць,пажаданні сваім сябрам і настаўніку. (вучні выказваюць свае думкі па 2 – 3 сказы).
5. Д/З: параграф 67, практыкаванне 406 (стар. 300) – Пазнаёмцеся з умовай практыкавання. Усім зразумела, як трэба выконваць дамашняе заданне? (Калі ёсць пытанні, яны разбіраюцца на ўроку).
6. – Усім вялікі дзякуй, жадаю поспехаў у вучобе. Урок скончаны.